Фатаграфія "Гаспадыні на вяселлі" (1988 г.)
Чатыры жанчыны стаяць побач, другая справа - мая бабуля Марыя Браніславаўна Руштэйка. Ёй на здымку 26 гадоў. Жанчыны стаяць на фоне ваеннай палаткі, але з арміяй і ваеннымі вучэннямі ці нейкімі іншымі вайсковымі падзеямі гэтая фатаграфія не звязана. А звязана яна з правядзеннем вяселля. Вяселле адбылося ў вёсцы Скрагі Шчучынскага раёна ў 1985 годзе. Вясельныя ўрачыстасці ў той час былі вельмі значнымі падзеямі ў гісторыі сям'і, таму запрашаліся на мерапрыемства ўсе сваякі, нават самыя далёкія. Калі хтосьці не быў запрошаны, гэта магло прывесці да крыўды на ўсё жыццё. Таму на такіх ўрачыстасцях была вялікая колькасць гасцей. Вяселле праводзілася "на два бакі": спачатку ў нявесты, потым у жаніха. У пятніцу збіраліся госці ў доме нявесты, потым прыязджаў жаніх, яму даводзілася "гандлявацца" з сяброўкамі нявесты (іх называлі "шаферкамі" або "дружкамі") і са сваццяй, а затым "выкупляць" сваю каханую. Калі ў жаніха не хапала грошай, цукерак, шампанскага і інш., то яму дапамагалі сябры («шаферы», «дружбанты»), якія таксама ўносілі сваю долю ў выкуп нявесты. Затым маладыя ехалі распісвацца ў загс, потым госці садзіліся за стол. У суботу з раніцы баляванне працягвалася, затым пачыналася працэдура "дарэння" сваякамі з боку нявесты. Прыкладна пасля абеду маладыя, "шаферы” і “шаферкі", сваты і самыя блізкія сваякі ехалі да жаніха. І там вяселле працягвалася на працягу двух дзён: у суботу і нядзелю.
У сувязі з тым, што запрашалася вялікая колькасць гасцей, у доме, як правіла, іх не маглі размясціць, а ў кафэ або рэстаране праводзіць такую ўрачыстасць для сельскіх жыхароў было дорага. Таму ў перыяд, калі надвор'е дазваляла (прыкладна з красавіка па верасень), вяселлі праводзілі ў вялікіх салдацкіх палатках, якія бралі ў арэнду альбо ў воінскіх частках, альбо ў прадпрымальных людзей, якія набывалі такія палаткі як спісаную маёмасць, а потым пускалі іх у абарот.
Такая палатка магла змяшчаць 100-150 чалавек. Унутры ставілі драўляныя сталы і лаўкі, пазбіваныя з дошак. Часта іх можна было ўзяць у камплекце з палаткай, часам гаспадары майстравалі іх самыя. Паколькі дошкі былі неапрацаваныя, іх засцілалі тканінамі.
На фатаграфіі відаць, што вокны палаткі адкрыты пры дапамозе загорнутых уверх штор з армейскага матэрыялу, такога ж, як і тканіна палаткі. Шторы паднятыя, каб у палатцы было светла днём, а ўвечары там ўключалі спецыяльна праведзенае святло – цягнуліся драты з лямпачкамі. На фатаграфіі мы бачым, што на вокнах замацаваны кавалкі белай марлі. Як вы думаеце: для чаго? Адказ просты: паколькі вяселле было ў сельскай мясцовасці і ва ўсіх дварах была хатняя жывёла, то марлю вешалі на вокны, каб абараніць палатку ад пранікнення мух. Таксама на фатаграфіі (справа ўверсе) мы можам убачыць зялёныя галінкі дрэва, якімі ўпрыгожвалі палатку.
Перад намётам стаяць чатыры жанчыны. Гэта "гаспадыні". Так называлі спецыяльна запрошаных жанчын, якія рыхтавалі пачастункі для шматлікіх гасцей. Часта ў якасці “гаспадынь” запрашалі сваячак, тады ім не трэба было плаціць. Але блізкіх сваячак на такую ролю запрашаць было нельга, бо для іх па традыцыі было ганаровае месца за сталом. Таму запрашалі і спецыяльных "гаспадынь" - старонніх жанчын, якія добра гатавалі. Часта ў вёсцы былі такія "гаспадыні", якія славіліся сваім майстэрствам і паваротлівасцю – іх запрашалі на гэтую ролю на многія вяселлі. За такую працу "гаспадыні" атрымлівалі ад 15 да 25 рублёў - гэта даволі вялікая па тых часах сума. Акрамя таго, падчас застолля гаспадынь запрашалі выйсці да гасцей і дарылі ім падарункі: адрэзы тканіны або пасцельную бялізну.
На фатаграфіі мы бачым, што самая старэйшая жанчына (першая злева) у фартуху. У такіх фартухах на працягу вяселля былі ўсе "гаспадыні". Тры іншыя жанчыны, хутчэй за ўсё, знялі фартухі для фатаграфавання. Жанчыны апранутыя ў квяцістыя сукенкі - па модзе таго часу. Прычоска толькі ў маёй бабулі, у яе на руцэ бачныя прыгожы гадзіннік - паказчык таго, што яна досыць забяспечаная. У першай справа жанчыны на шыі пацеркі. Больш упрыгожванняў ў жанчын няма. Гэта не толькі таму, што яны будуць працаваць на кухні. У той час сельскія жанчыны не насілі упрыгожванняў, а на выхад мелі адзін – два ўбора.
Вяселле было такой важнай падзеяй у жыцці сям'і, што нярэдка грошы на яе правядзенне збіралі некалькі гадоў, але праводзілі так, каб усе госці засталіся задаволеныя.