Фотаграфія "Сямейнае фота: сёстры з дзецьмі" (1982 г.)
На сямейнай фатаграфіі – мая бабуля Марыя Браніславаўна Руштейко са сваёй дачкой Наталляй, маёй мамай. Другая дарослая жанчына - гэта Алена Браніславаўна, малодшая сястра Марыі. Алена са сваім сынам Дзмітрыем.
Фатаграфія зроблена ў г. Шчучыне ў фотаатэлье (так зваліся ў той час ўстановы, у якіх аказваліся паслугі па фатаграфаванню і вырабе фотаздымкаў). У такім фотаатэлье працаваў фатограф, які быў досыць вядомай асобай у раённым цэнтры. Кліентаў ўсаджвалі на фоне светлай фіранкі-шторы, фатограф паказваў, куды ўсім глядзець (крыху вышэй аб'ектыва), а затым, схаваўшыся пад накідку вялікай фотакамеры, рабіў здымак – у гэты час была ўспышка. Затым, дзён праз 5 – 10, трэба было прыйсці ў фотаатэлье, каб забраць вырабленыя фатаграфіі. Як правіла, у камплекце іх было 6. Каляровыя фота ў той час рабілі рэдка, таму што яны былі значна даражэй.
Паход у фотаатэлье быў сапраўднай падзеяй, да якой рыхтаваліся загадзя, прадумвалі, як прыбрацца. Сёстры Марыя і Алена вырашылі сфатаграфавацца разам са сваімі маленькімі дзецьмі. Яны спецыяльна прыехалі са сваёй вёскі Скрагі ў Шчучын, раённы цэнтр. І дарослыя жанчыны, і іх дзеці апранутыя ў футры. Натуральныя футры былі вельмі дарогія і здаваліся сапраўднай марай для жыхарак вёскі. Але і футра з ненатуральнага меху ў тыя часы была паказчыкам дабрабыту сям'і.Таму сёстры вырашылі, што на здымку ўсе будуць у верхняй вопратцы, хоць фатаграфуюцца яны ў памяшканні. На галаве Марыі "шалиноўка" - так называлі квяцістыя хусткі, модныя ў той час. (Дарэчы, бабуля да гэтага часу носіць такія хустачкі. Шчыра, кажучы, я зараз, у наш час, часам бяру ў бабулі "шалиноўку" - яна вельмі добра спалучаецца з сучасным адзеннем і выглядае актуальна нават у камплекце з джынсамі.) На галаве Алены махеровая вязаная шапачка - такія шапкі з начосам былі вельмі модныя. На дзецях вязаныя шапачкі з ўзорамі - яркі атрыбут дзіцячага адзення. Сёстры Марыя і Алена відавочна пазіруюць, хочуць выглядаць прыгожа і разумеюць ўрачыстасць моманту. Чатырохгадовая Наталля таксама разумее важнасць моманту - ёй патлумачылі гэта дарослыя. А вось двухгадовы Дзмітрый насупіўся: магчыма, ён нават спалоханы тым, што адбываецца.
Фатаграфія перадае самае галоўнае: цеплыню сямейных адносін. Сёстры любяць і паважаюць адзін аднаго, яны хочуць захаваць на фатаграфіі час, калі яны былі маладымі, а іх дзеці маленькімі.