top of page

Фатаграфія "Першая камунія" (1990 г.)

Коммуния.jpg

Цікавая фатаграфія, на якой адлюстравана такая падзея, як "першая камунія". "Камунія " - гэта важны рэлігійны абрад для каталікоў.

Гэтаму абраду папярэднічала навучанне дзяцей на працягу двух гадоў у нядзельнай школе пры касцёле. Па нядзелях дзеці разам з бацькамі наведваюць "імшу" - службу ў касцёле, пасля якой дзеці ідуць на заняткі, а дарослыя іх чакаюць. Заняткі штотыдзень праводзіць манашка, якую называюць "катахэтка". Пасля двухгадовага навучання дзеці здаюць экзамен, які прымаюць ксёндз і “катахэтка". На экзамене ў дзяцей пытаюцца малітвы, гісторыі з Бібліі, а таксама гісторыю касцёла, у якім яны навучаюцца. Такі экзамен здаецца ў суботу. Пасля яго ў сям'і ладзяць свята: збіраюць родных, абавязкова запрашаюць хросных бацькоў, купляюць торт, іншыя пачастункі. Алкаголь на свяце не ўжываюць.

А ў нядзелю дзяцей, якія здалі экзамен, вядуць на "першую камунію" ў касцёл. Дзяўчынкі прыбіраюцца ў белыя сукенкі, як нявесты. Сукенкі гэтыя дае касцёл. Ўборы застаюцца ад дзяўчынак, якія прайшлі «першую камунію» раней. А калі ў касцёле не хапае сукенак для новай групы дзяўчынак, калі яна больш шматлікая, чым раней, то бацькі самі шыюць або заказваюць белыя сукенкі, якія потым таксама пакідаюць у касцёле для наступных груп. Перад "камуніяй" бацькі бяруць сукенкі з касцёла, каб памыць іх, пагладзіць, пры неабходнасці перашыць. І ў нядзелю ўсе сем'і з прыбранымі дзецьмі ідуць на «імшу» ў касцёл, дзе дзеці праходзяць першую споведзь і атрымліваюць прычасце – "аплатку”, цела Божае. Затым усе дзеці выходзяць на прыступкі касцёла і ва ўрачыстай абстаноўцы фатаграфуюцца на памяць аб такой важнай у рэлігійным жыцці падзеі.

На фатаграфіі мы бачым, што дзеці стаяць на прыступках касцёла ў некалькі шэрагаў. Касцёл дзівіць сваёй велічнасцю, хоць мы бачым толькі яго фрагмент. Гэта касцёл Святога Станіслава ў вёсцы Лядск Шчучынскага раёна, касцёл пабудаваны ў пачатку 20 стагоддзя. У трэцім шэрагу другая справа - гэта мая мама Наталля Руштейко. Ёй 12 гадоў. Мама распавядала, як яна хвалявалася падчас "першай камуніі". На прыступках вышэй стаяць ксёндз і дзве манашкі - "катахэткі". Адна з іх (справа) у момант фатаграфавання надае ўвагу аднаму з дзяцей. Сярод дзяцей большасць дзяўчынак, але ёсць і хлопчыкі, якія апранутыя ў святочную вопратку. Дзеці трымаюць у руках свечкі ў спецыяльных тканкавых сурвэтках. Цікава, што гэтыя свечкі ніколі не запальваюцца, а захоўваюцца дома як памяць аб "першай камуніі". Сярод групы дзяцей вылучаюцца некалькі дарослых мужчын. Яны таксама праходзілі на працягу двух гадоў навучанне разам з дзецьмі і таксама прайшлі "першую камунію", але ўжо ў сталым узросце, бо не прайшлі гэты абрад у дзяцінстве ў сілу нейкіх прычын, хутчэй за ўсё, з-за забароны на рэлігійнае жыццё ў Савецкім Саюзе.

Калі глядзіш на гэтую фатаграфію, бачыш урачыстыя твары дзяцей і дарослых, то разумееш, наколькі значныя для каталіцкіх сем'яў такія важныя моманты ў рэлігійным жыцці, як "першая камунія". Гэта адбывалася, нягледзячы на першапачатковыя забароны, а пазней незадавальненне ўладамі праяў рэлігійных пачуццяў людзей.

bottom of page